Паступова я зразумеў, хто я. Што прымусіла мяне зрабіць гэта?
Можа, цёплыя агні вёсак, назвы якіх і дагэтуль нейкім цёплым болем уваходзяць у
маё сэрца: Ліпічна, Сорак Татар, Бярозава Воля, урочышча Разбіты Рог, Памярэч,
Дубрава, Вавёркі?
А можа, начлег на поплаве, калі дзеці баюць казкі і драма крадзецца да цябе праз
кажух разам з холадам? Ці мурожны пах маладога сена і зоры праз прадзёртую
страху адрыны?
Або нават і не яны, а проста хвойная ігліца ў чайніку, дымныя чорныя хаты, дзе
жанчыны ў андараках прадуць і пяюць бясконцую песню, падобную на стогн.
Гэта было маё. За два гады я абышоў і праехаў Менскую, Магілеўскую, Віцебскую,
частку Віленскай губерні. І паўсюду я бачыў гора народнае, бачыў брудных дзяцей,
бачыў сляпых жабракоў, бачыў гора народа майго, даражэй за які - я зараз ведаю
гэта - у мяне не было нічога на свеце.
Тады тут быў этнаграфічны рай, хоць казка, а асабліва легенда, як найбольш
нетрывалыя прадукты народнай фантазіі, пачалі забірацца ўсё далей і далей, у
мядзведжую глуш.
Я пабываў і там, у мяне былі маладыя ногі і маладая прага. І чаго мне толькі не
даводзілася бачыць!
Бачыў я цырымонію з заломам, крапіўныя святкі, гульню ў забытага нават тады
"яшчура". Але найбольш бачыў я апошнюю бульбу ў місе, чорны, як зямля, хлеб,
соннае "а-а-а" над калыскай, вялікія выплаканыя вочы жанчын.
Гэта была візантыйская Беларусь!
Гэта быў край паляўнічых і намадаў, чорных смалакураў, ціхага, такога прыемнага
здалёк, звону забытых цэрквачак над дрыгвой, край лірнікаў і цемры.
У той час якраз падыходзіў да канца доўгі і балючы працэс вымірання нашай
шляхты. Гэта смерць, гэта гнаенне зажыва цягнулася доўга, амаль два стагоддзі.
І калі ў васемнаццатым шляхта памірала бурліва, з дуэлямі, памірала на саломе,
прамантачыўшы мільёны, калі ў пачатку дзевятнаццатага паміранне яе яшчэ было
авеяна ціхім сумам забытых палацаў у бярозавых гаях, то ў мае часы гэта было ўжо
не паэтычна і зусім не сумна, а брыдка, часам нават жахліва ў аголенасці сваёй.
Гэта было паміранне байбакоў, якія занурыліся ў свае норы, паміранне жабракоў,
продкі якіх былі адмечаны ў Гарадзельскім прывілеі, а самі яны, хоць і жылі ў
багатых напаўразбураных палацах, насілі ледзь не кажухі, хоць гонар іх быў
нязмерны.